?

Log in

No account? Create an account

Previous Entry | Next Entry

Я доўга чакала Мірцікавых зубоў. Так і не дачакалася. Унутраны голас падказаў мне, што гэта зубная ведзьма наклала свой праклён, і каб ад яе адкупіцца, трэба напісаць казку. Калі казка ёй спадабаецца, тады яна палагоднее, выпусьціць з палону зубную фею і ўсё ва ўсіх будзе окі-докі. Давялося пісаць казку.
Падчас напісаньня разгулялася фантазія, і казка стала для дарослых. Але ўнутраны голас падказаў, што казкай для дарослых ад зубной ведзьмы не адкупіцца, таму я павыразала самыя наркаманскія моманты кшталту падрабязнага апісаньня сыстэмы адукацыі зубоў на роднай плянэце і на Зямлі. Атрымалася больш-менш прыстойная дзіцячая казачка.
Таксама тут прысутнічаюць непэдагагічныя моманты ў выглядзе папругі і надзіраньня вушэй. Але мне падаецца, што дзеці не баяцца такіх момантаў у казках, а толькі злаўрэдна сьмяюцца. На ўсялякі выпадак заклікаю вас не выкарыстоўваць гэтых момантаў у выхаваньні свайго дзіцяці.
Старалася пісаць наркамаўкай, бо дзецям у садок ісьці ды ў школу дзяржаўныя. Канчаткова заблыталася. Цяпер абодвума правапісамі пішу павоольна-павоольна, каб памылак не нарабіць.
Пасьля напісаньня казкі аловачкам на паперку зуб стаў прашшупывацца. Зь нецярпеньнем чакаю, што дасьць выкладаньне ў нэт.
Казка, акрамя нас саміх, адрасуецца друзям па няшчасьці - adelka і Алесіку.
Усё. Цяпер буду чакаць зубную феюшку.


Зубная казка

У далёкай-далёкай галактыцы, там, дзе нават не бачнае нашае Сонейка, наш Месяц і нашая Зямля, ёсць Планета Зубоў. Там жывуць і зусім маленькія зубяняткі, і старыя хворыя зубы-дзяды і зубы-бабкі. А вось дарослых моцных здаровых зубоў амаль няма.
А яшчэ там жыве зубочак Ежык. Ён вельмі цікаўны. Ён ходзіць у дзіцячы садок для зубочкаў і ўважліва слухае ўсё, што распавядае выхавацелька.
- Вы, зубочкі, павінны добра есці, каб хутка расці, - кажа выхавацелька.
- А навошта? – пытаецца Ежык.
- О, гэта вельмі важна, - адказвае выхавацелька. – Далёка-далёка адсюль, так далёка, што нават у тэлескоп не пабачыць, ёсць планета Зямля, а на ёй – шмат маленькіх дзетак. Гэтыя дзеткі ядуць толькі маміна малачко, бо ў іх зусім, зусім няма зубоў!
- Ух ты, - дзівіцца Ежык.
- Але, гэта так. Ды хутка дзеткі вырастаюць, і зубы ў іх з’яўляюцца.
- Цікава, адкуль, - недаверліва хмыкае Ежык.
- А гэта ўжо залежыць ад вас, маленькія. Калі вы вырасцеце, то паляціце на Зямлю, каб з’явіцца ў роціках маленькіх дзетак. Вы будзеце доўга жыць там і разжоўваць бульбу, мяса, яблыкі і агуркі. Дзеткі будуць здаровыя і вясёлыя – і ўсё дзякуючы вам.
- Як жа мы паляцім туды?
- Нашыя навукоўцы распрацавалі звышмагутныя, звышхуткасныя заркалёты, якія далятаюць да Зямлі за некалькі дзён.
Ежык усё выслухоўвае, думае, а потым пытаецца:
- А навошта мне гэта патрэбна? Мне і тут добра. У мяне тут сябры, цацкі, гулькі. Не хачу нікуды!
- Тваё дзіцятка будзе тваім найлепшым сябрам, - цярпліва тлумачыць выхавацелька. – Ягоныя бацькі будуць радавацца табе, потым яны навучаць дзіцятка чысьціць зубкі зубной пастай і шчоткай. Ты будзеш есці розныя прысмакі і смяяцца з дзіцяткам. Разам з тваім суседам языком ты навучыш сваё дзіцятка размаўляць. Вы будзеце расці разам і сябраваць. Да таго ж ты ў роце будзеш не адзін: пасля цябе ў роце з’явяцца яшчэ зубочкі, вас будзе цэлых дваццаць!
- Ну-ну, - мармыча Ежык. – Трэба будзе падумаць пра гэта.
І адразу ж бяжыць гуляць са сваім сябрам – зубяняткам Кусакам.

Прайшло некалькі месяцаў. Зубяняткі хадзілі ў дзіцячы садок, потым у школу, і нарэшце прыйшоў той дзень, калі ўсе яны сабраліся на касмадроме. Яны ўжо падраслі, пасур’ёзнелі і былі гатовыя да вандроўкі на Зямлю. Выхавацелькі і настаўнікі сказалі развітальнае слова, зубочкі ўзышлі на борт карабля, і заркалёт узляцеў. Кожны ўжо ведаў, да якога дзіцяткі ляціць, і яны расхвалявана абмяркоўвалі сваю будучыню і выхваляліся адзін перад адным сваімі дзеткамі. Кожны быў упэўнены, што ягоная дзетка найлепшая, таму яны шмат спрачаліся, а некаторыя дык нават і пабіліся.
А дзеткі на Зямлі тым часам пачалі хныкаць, бо таксама хваляваліся: як там зубочкі, ці даляцяць яны да іх? (Усе дзеткі ведаюць, адкуль бяруцца ў роце зубкі, але не могуць распавесці бацькам, бо не ўмеюць размаўляць. А потым, калі навучацца размаўляць – забываюцца.)
За спрэчкамі і бойкамі прайшло некалькі дзён на заркалёце. І раптам зубочкі заўважылі, што... Ежыка і Кусакі няма на караблі! Усе перапалохаліся, сталі мітусіцца і крычаць. Але не вяртацца ж дадому, яны амаль даляцелі да Зямлі! Таму яны звязаліся па радыё са сваёй планетай і паведамілі пра зніклых. На планеце пачаліся пошукі.

...А нашыя сябры тым часам весела гуляліся ў хованкі і даганялкі, ганялі мячык і казалі адзін адному:
- Усё ж такі як добра мы прыдумалі не пайсці з усімі на заркалёт, а схавацца за кустамі! Праўда, цяпер давядзецца доўга хавацца ў лесе, бо настаўнік як убачыць – вушы надзярэ. Ды нічога, галоўнае, што не трэба тырчаць у роце ў якога-небудзь хулігана.
А настаўнік ужо праслухаў паведамленне па радыё і са сваёй самай вялікай папругай ішоў у лес. Ён ведаў: там у сяброў улюбёнае месца.

...Хутка Ежык і Кусака ўжо сядзелі ў класе і размаўлялі з настаўнікам. Былі яны ціхія і невясёлыя, бо надта балела попа пасля папругі.
- Як вы маглі ўчыніць такое? – строга пытаўся настаўнік. – Вас жа дзеткі чакаюць! Вы ведаеце, як клічуць вашых дзетак?
- Так, - маркотна адказвалі сябры. – Мірцік і Алесік.
- А колькі ім месяцаў, ведаеце?
- Ды ўжо амаль годзік Алесіку. А Мірціку і яшчэ больш.
- Ужо цэлы год! А ў іх усё яшчэ няма зубоў. Вы разумееце, што гэта значыць? Дзеткі не могуць зжаваць смачную ежу. Іхныя бацькі перажываюць. А ўсё з-за вас, мудрагеляў!
- Дык... мы ж...
- Вы парушылі правілы, таму цяпер, каб выправіцца, паабяцайце мне: вы будзеце самымі белымі, самымі здаровымі, самымі моцнымі, самымі прыгожымі зубкамі на ўсёй Зямлі! Каб Мірцік і Алесік, а таксама іхныя бацькі забыліся на ўсе свае перажыванні і былі самымі шчаслівымі!
- Абяцаем! Абяцаем!

І калі наступны заркалёт узляцеў пра некалькі тыдняў, каб узяць курс на Зямлю, на ягоным борце былі сябрукі – Ежык і Кусака, якія ляцелі да сваіх хлопчыкаў, каб дапамагчы ім стаць дарослымі і самастойнымі.

Tags:

Comments

( 17 comments — Leave a comment )
urban_survivor
Nov. 15th, 2007 11:49 pm (UTC)
файная казачка! Станеш беларускай Беатрыкс Поттэр! =)
mircik
Nov. 16th, 2007 03:21 pm (UTC)
Ух ты, дзякуй.:)
mircik
Nov. 16th, 2007 07:53 pm (UTC)
Ух ты, дзякуй.:)
yusmal
Nov. 16th, 2007 09:12 am (UTC)
Віт, я не в тєму, але нашо ти свій журнал витерла?
mircik
Nov. 16th, 2007 03:18 pm (UTC)
Бо іначай не магу не чытаць фрэндстужку, якая забівае ўвесь час.:)
euga
Nov. 16th, 2007 07:31 pm (UTC)
Другое прышэсце
Здорава! Я расчулілася. Зубы павінны цяпер вырасці... соры... прыляцець умомант! :)))
mircik
Nov. 17th, 2007 02:06 pm (UTC)
Re: Другое прышэсце
З тваіх вуснаў асабліва прыемна чуць "здорава".:)
Зубы, я думаю, ужо вылецелі!
adelka
Nov. 16th, 2007 09:44 pm (UTC)
Cууууууууууупер!)) Я ледзь не расплакалася расчуленая))
Можна я дам спасылку ў сваім жж?
mircik
Nov. 16th, 2007 10:00 pm (UTC)
:)))) Вядома ж. Ня плач.:)
kamrushepa
Nov. 17th, 2007 08:12 am (UTC)
Цудоўна:)))
mircik
Nov. 17th, 2007 02:01 pm (UTC)
Дзякуй.:)
sergiej
Nov. 17th, 2007 10:01 am (UTC)
А ў колькі зубкоў няма?
mircik
Nov. 17th, 2007 02:03 pm (UTC)
Які ўзрост, вы маеце на ўвазе? Хутка год і месяц. Гэта вельмі страшна?:)
sergiej
Nov. 17th, 2007 02:15 pm (UTC)
У нашай здаецца у год ды два пачаліся :)
mircik
Nov. 17th, 2007 03:07 pm (UTC)
Там таксама былі хуліганістыя зубы.:))
sergiej
Nov. 17th, 2007 03:11 pm (UTC)
Ага :)
sunfloo
Nov. 17th, 2007 03:57 pm (UTC)
чудова казочка :)
( 17 comments — Leave a comment )