Home

Advertisement

Oct. 1st, 2008

  • 1:46 AM

Мірцік зацікавіўся літарамі. Раней ён імі цікавіўся як агульнай зьявай, а цяпер разьбірае паасобку. Сёньня цэлы вечар займаліся граматай: я малюю кружочак і кажу "о", і Мірцік малюе кружочак і кажа "о", я малюю палачку і кажу "і", Мірцік малюе загагуліну і кажа "і". Кучу загагулінаў намалявалі.:) Нават засынаў і мармытаў: "а, о, у, і".

Sep. 13th, 2008

  • 5:47 AM

Мірцік - гаспадар у доме. Ён адзіны ведае, што дзе ляжыць і што з усім гэтым трэба рабіць. Сам вырашае, што трэба выкінуць, дзе падмесьці, а дзе пыл выцерці. І робіць гэта з такім аўтарытэтным выглядам, што я ня сьмею нават спрачацца.

У доме няма ніводнага гадзіньніка, час глядзім на тэлефонах і на кампе. Так што калі я пытаюся, колькі часу, Мірцік мне прыносіць тэлефон. Раней прыносіў. Цяпер, калі пытаюся, ён глядзіць у тэлефон, кажа: "Бадзям-бадзям!" і ідзе далей па сваіх справах. Сам сказаў, значыць, колькі часу.)

Вельмі гераічны. Вельмі. Таблеткі, кроплі ў нос і ў вочы, ясьлі - усё вельмі мужна пераносіць. Не нарадуюся.

Прынёс з садочку слова "бона" - "больно". І завёў сяброўку - "Ляля Ой" - Оля, ён зь ёй за адным сталом сядзіць.)

У садочку фулюганіць, ня слухаецца, ігнаруе агульныя заняткі - займаецца сваімі справамі.

Сёньня мне выдалі шэдзеўр, які нібыта Мірцік намаляваў. Я не паверыла. Мірцік мне па сакрэце сказаў, што гэта малявала выхавацелька - ён яе і нянечку называе "баба", хоць яны нічога так выглядаюць.)

Першыя дні ў ясьлях

  • Aug. 25th, 2008 at 12:52 PM

Выключна пазытыўны пост.
Трохі занудна )

Год і дзесяць

  • Aug. 23rd, 2008 at 10:11 AM

У гэтым месяцы Мірцік стаў, па-першае, ЧЗьЯМК (чалавекам, зь якім можна камунікаваць.. і камунікаваць.. і камунікаваць..), па-другое, ЧЯНДзУ (чалавекам, які наведвае дзяржаўную ўстанову – цэлыя тры дні наведаў :)).
12 зубоў.
Ну, і славей новых дадалося.  )

Aug. 15th, 2008

  • 1:05 AM

Фраза "А во алё!", азначае "Яшчэ адзін тэлефон".)

Aug. 15th, 2008

  • 12:59 AM

Мы запісаліся ў ясельную групу (у расейскія, расейскія, расейскія ясьлі, бо ў беларускія езьдзіць далёка, далёка, далёка), у панядзелак выпраўляемся. Пакуль я задаволеная: загадчыца харошая,
выхавацелька харошая,
Мірцік кампанейскі,
выхавацелька хваліцца, што добра ведае беларускую мову і намагаецца кніжкі дзецям па-беларуску чытаць,
Мірцік у захапленьні ад тамтэйшых цацак,
сам просіцца зайсьці ў садок паглядзець на "ляяляў"...
Ведаю, што будзе цяжка і дрэнна, але думала, што будзе горш, таму радуюся.)

Чытаем “Айбаліця”, глядзім малюнкі. На малюнку Айбаліць скача ў Афрыку на ваўку.
Мама:
...І ўстаў Айбаліць, і пабег Айбаліць,
Па палёх, па лясох, па лугох ён бяжыць,
Паўтарае сабе, каб хаця не забыць...
Мірцік: Нё-нё!
“Но-но, воўк!”:)
У арыгінале – “Лімпапо, Лімпапо, Лімпапо”

Глядзім галубятню. Там галубы скачуць, ходзяць, лётаюць, белыя, цёмныя, прыгожа так. Мірцік паказвае на ўсё гэта пальчыкам:
- Дзядзя!
Я: - Не, там няма дзядзі.
Мірцік: - Дзядзя!
Я азірнулася вакол – нідзе няма ніякага дзядзі. Ах, думаю, дурны дзіцёнак, што з табою зробіш.. І тут з галубятні вылазіць мужык!
Мірцік задаволена ўсьміхаецца і прамаўляе: - Дзядзя..

Aug. 9th, 2008

  • 3:30 PM

Пабыўшы паўтара месяцы ў Гомелі, мы вярнуліся дадому. З-за пераезду ў Мірціка нешта ў галаве шчоўкнула, і ён адразу, ледзь дабраўся дадому зь цягніку, пачаў есьці сам. Цяпер, праўда, зноў перастаў, але пасьпеў паказаць, што ён гэта робіць няблага. Нават адбылася клясычная сцэна "аб'яданьне таты - самастойнае паяданьне боршчыку менавіта з татавай талеркі". Таксама рэзка стаў шмат размаўляць з выкарыстаньнем словаў, а ня проста "блям-блям-блям". Сёньня ў нас адбыўся першы вялікі асэнсаваны дыялёг )

Асарці

  • Aug. 1st, 2008 at 6:00 PM

Мірціку на лецішчы падабаецца.
Там можна з вуліцы не вылазіць, а то ў горадзе ніяк нагуляцца ня можа. Толькі прачнуўся, яшчэ вочы спяць, але адразу абувацца, складаць цацкі ў мех і на двор.
Яшчэ там можна ганяць катоў і сабакаў. З аднаго сабакі – брахлівага моські – Мірцік зьдзекуецца, карыстаючыся тым, што той усяго баіцца. Перад другім дражніцца пячэнькамі, але ня дзеліцца
Там можна выпадкова знайсьці скрынку са старымі цацкамі. Мірцік нават упершыню зь лялькамі пагуляўся: спаць іх паклаў на дарогу, дзе машыны ходзяць, і песеньку прапяяў.
Там вогнішча, і ягады (асабліва цэняцца агрэст, вішні і маліны; вішні ядуцца самастойна, костачкі выплёўваюцца), і водны пісталет.
Можна зьбегчы ад мамы за калітку, праз дарогу, у агароды, і там ціхенька пакакаць у штаны, покуль мама не дагнала.
Там цягнікі: ціціці-цюцюцю – тутууу!
А самае галоўнае, там возера! Няблізкі сьвет для Мірціка, але ён бяжыць наперадзе, мы ледзь пасьпяваем заім; на беразе ліхаманкава распранаецца і адразу плюх!
Во колькі ўсяго на лецішчы!


Сёньня Мірцік упершыню спалохаўся чагосьці. А канкрэтна высокай горкі. Калі я туды сама залезла і ўніз паглядзела, у мяне аж дух захапіла. А больш Мірт нічагусенькі не баіцца, нават самых жуткіх жуцяў.:)


Мірцева цётка стрыечная – мініятурная дзяўчыначка двух год. Яна ніколі ня б’ецца, ніколі не разьбірае цацкі і ня робіць бардаку у хаце.
А Мірцік - тоўсты хлопец, і ўсе астатнія рысы таксама не супадаюць.:))

Хутка ясьлі

  • Jul. 24th, 2008 at 12:26 AM

Менш чым праз месяц Мірцік пойдзе ў ясьлі. Як падумаю, так дрыжыкі бяруць.
Але нягледзячы на дрыжыкі, мы займаемся актыўнай падрыхтоўкай да паступленьня ва ўстанову.
Што мусіць умець няшчасны ясельны дзіцёнак?

Read more…

Год і 9 месяцаў

  • Jul. 23rd, 2008 at 5:13 PM

11 зубоў, Мірт навучыўся фокусу перажоўваць паўгадзіны адну лыжку кашы.:)
Сьціплы слоўнікавы запас:
не - так
не! – не
ня – дай
мама – зварот да ўсіх знаёмых і ледзь знаёмых людзей
баба (вельмі рэдка) - зварот да бабулі і дзеда
тата (рэдка) - тата
дада – незнаёмы чалавек
няма, мамА, амА – няма (толькі я адрозьніваю “няма” і “мама”)
ўоў – так кажа сабака
мііааооў! (са страшнымі грымасамі) – так кажа коцік
ггггг! – так кажа мядзьведзь
мммм – так кажа карова
іііааа-іііааа - так кажа лашадка
ту-ту! – так робіць цягнік
пі-пі – так робяць машыны і цягнікі
трррр - машына
ам-ам, ням-ням - есьці
піпісь (шэптам) - сікаць
дзі! – ідзі!
дзідзі! – глядзі!
а? – адказ на ўсе мае маналогі
дзе? - дзе?
яя – лялька
во! – вось!
аааа (шэптам) - цёмна
ах! – ах! (напрыклад, ах! панамка ўпала, ах! трактар паехаў, ах! дзед прыйшоў дадому) ужываецца пастаянна, але гучыць трошкі ня так, як гучыць – на пісьме не перадаецца.:)

Цяжкасьці перакладу

  • Jul. 11th, 2008 at 2:50 PM

Не = так
Нееее!!!! = не.:)

Канцэрт

  • Jul. 11th, 2008 at 2:48 PM

Мірця зладзіў канцэрт. Сілай выцягнуў дзеда з-за кампа, накрычаў на бабулю, каб не чытала кніжку, граў для ўсіх на губным гармоніку і таньчыў. Пайграе трохі і чакае аплядысмэнтаў, а ў вачох – бязьмежны гонар за сябе.:)

Гістарычны дзень

  • Jul. 8th, 2008 at 10:35 PM

Сёньня. Мірця. Цішком ад усіх зьняў штаны, сеў на гаршчок і насікаў!:)))

Jul. 8th, 2008

  • 2:46 PM

А ў Мірціка 10 зубоў! І ён іх чысьціць з пастай, палошча і нават ручніком выцірае для вернасьці.:)) З маёй дапамогай, і зрэдку нават бязь сьлёз і валяньняў па падлозе.
А потым ходзіць і прыгаворвае: “Ўой! Ўооой! Ўааў!!”
Таксама ў актыўнае ўжываньне пралазяць такія важныя словы, як “ам-ам”, “пі-пі” и “ляля”.
Пачынаюцца ролевыя гульні: як толькі знаходзіцца якая-небудзь “ляля”, яе адразу трэба патыкаць носам у ежу – пакарміць. А потым роцік памыць.
Прыступы мамавасьці. Мірцік мяне нікуды не адпускае, ходзіць, трымаючы мяне за штаны ( у адсутнасьць спадніцы). Нават у прыбіральню мы ходзім разам.:)

Jul. 4th, 2008

  • 5:45 PM

Мірцік сёньня ўпершыню катаўся на карусельцы! Такой класічнай, круглай, з лашадкамі і машынкамі. Забраўся туды сам, выбраў сабе аўтамабіль, доўга сядзеў, круціў стырно, націскаў на кнопку, абжываўся, покуль іншыя дзеці рассаджваліся. Потым падумаў, што ўсё цікавае ўжо паглядзеў, вылез і пабег глядзець, што яшчэ ёсьць. Алені і коні не пакацілі, выбраў сабе лодку. Толькі сеў – а тут карусель паехала! Так страшна ехала, я сама спалохалася, бо яна драўляная і разьдзяўбаная, усё ж яшчэ я на ёй дваццаць год таму каталася.:) Мірцік спачатку сярдзіты быў, а потым стаў круціць стырно, каб правільна ехаць, крычаць “бі-біп!”, бабулі махаць рукой. Шчасьлівы-шчасьлівы.) А тут – бац, карусель спынілася. Паспрабавала адляпіць Мірціка ад лодкі – а ён не адлепліваецца. Давялося трохі паскандаліць.( Хацелі яшчэ разок пракаціцца, але цёця-карусельшчыца сказала, што па яе вялікім жыцьцёвым досьведзе пасьля другога разу дзеці скандаляць яшчэ больш і просяцца ў трэці раз.) Так што мы ціхенька зматалі адтуль. У наступны раз нас чакае яшчэ адзін мой улюбёны атракцыён зь дзяцінства: аўтобусікі, што едуць на чыгунцы.:) Дзьве розныя каруселькі за адін дзень – гэта занадта, бо занадта вялікае ўзрушаньне ў дзіцёнка.:)

Ангельская мова

  • Jun. 10th, 2008 at 4:09 AM

Пачытала я пастоў пра ангельскую мову - задумалася.
Паглядзела ў двары на ангельскамоўных дзяцей - зусім задумалася.
І прысьніла сон, быццам Мірця так і не навучыўся па-беларуску размаўляць, а шпарыць па-ангельску, і ніхто яго не разумее. У прынцыпе, як і цяпер.:)
І вось на наступны дзень мы заняліся справай.. Хто б мог падумаць, што ангельская мова такая лёгкая.:)Мірця зь першага разу паўтарае "baby" і "bear", праз два дні адэкватна рэагуе на пытаньні "Where is my baby", "Where is mama", яшчэ пару прадметаў паказвае і з асаблівым задавальненьнем кажа: "Yeeeah".))
Скажам так, ангельская мова ў нас ідзе нашмат лягчэй за беларускую. І падабаецца дзіцю больш, ага.)

Jun. 5th, 2008

  • 2:52 PM

Мірцікавы навіны )

Аднойчы ў мяне адначасова падалі Мірцік і фоцік. Я выбрала Мірціка, і фоцік цяпер ляжыць-сумуе. І фотак ня робіць. Вось.((

May. 31st, 2008

  • 10:33 PM

У мяне гераічны дзіцёнак! Сёньня мы гулялі 4 з паловай гадзіны з-за таго, што зламаўся замок. Гулялі замест ягонага дзённага сну. Дык ён нават ня думаў капрызіць, аббегаў увесь двор і ваколіцы, не дазваляў мне прысесьці, а калі мы разьбіраліся з замком, сядзеў на падлозе і жаваў батон, які сам здабыў з сумкі.)) Затое, як прыйшлі дадому, адразу заснуў і ўжо восьмую гадзіну сьпіць, зайка.))